Маршрут в 368 километров в виде зубра: что интересного посмотреть недалеко от Минска?

Маршрут у 368 кіламетраў у выглядзе зубра: што цікавага паглядзець недалёка ад Мінска?

На мапе Беларусі нядаўна з’явіўся турыстычны маршрут у выглядзе зубра. Машыны намалявалі яго з дапамогай GPS-трэкераў у прамым эфіры падчас аўтаквэсту. Пра славутасці, якія ўвайшлі ў маршрут, распавёў яго распрацоўшчык Яўген Шапашнікаў.

Яўген прафесійна вывучае незвычайныя мясціны Беларусі, ездзіць у экспедыцыі па анамальных зонах і 17 год кіруе праектам Encounter – сеткай экстрэмальных гульняў, якія пабудаваны на пошуку цікавых месцаў і рашэнні лагічных задач.

Падобныя маршруты Яўген ужо складаў у Швейцарыі і па ўсёй Расіі, але фішкай “зубра” лічыць небанальныя турыстычныя пункты з легендамі і гісторыямі – мясціны, куды будзе цікава прыехаць людзям, якія ўжо насыціліся Нясвіжскім і Мірскім замкамі.

eugene.JPG

Яўген Шапашнікаў

Чаму зубр?

“Многія думаюць, што падарожнічаць па Беларусі – нудна, а ўсе цікавыя аб’екты знаходзяцца далёка ад Мінска. Мы разам з АЗС А-100 вырашылі разбіць гэты стэрэатып і стварыць маршрут, які б сабраў цікавыя мясціны, у якія можна з’ездзіць на машыне са сталіцы. Падчас выбару сімвала для малюнка я думаў у першую чаргу пра падарожжы і рух. Ідэальна падышоў бы традыцыйны беларускі конь з саломы: конь – гэта транспарт, а салома – паліва, прычым не толькі для яго. Але малюнак не клаўся на мапу. Спрабаваў у тым ліку зрабіць нешта сімвалічнае: бусла, контур краіны, ляльку. Лепш за ўсё, вядома, падыходзіла бульбіна – што ні намалюй, атрымаецца яна. Але гэта вельмі прымітыўная ідэя, таму я вырашыў спачатку нанесці цікавыя пункты на мапу, а потым думаць, як іх злучыць. Калі зрабіў гэта, убачыў, што МКАД-2 падобна на спіну зубра. Ідэя мне вельмі спадабалася, далей трэба было проста падабраць пункты да яго формы – і ўсё выдатна супала. Напрыклад, траса на аэрапорт, якія заканчваецца тупіком, стала хвастом зубра, а самы высокі пункт краіны – гара Дзяржынская – вокам”.

Першымі па маршруце паехалі ўдзельнікі аўтаквэсту на “Фестывалі бензіну А-100”. Два экіпажы на чале з тэлевядучай, блогерам Марынай Кандрацьевай і музыкам, лідарам гурту “Дразды” Віталём Карпанавым адначасова раз’ехаліся з аўтазапраўкі А-100. Пры гэтым ні пра пункты, ні пра тое, якім атрымаецца малюнак на мапе, яны таксама не ведалі – арыентаваліся па падказках падчас руху. Дзякуючы GPS-трэкерам можна было назіраць за маршрутамі аўтамабіляў у прамым эфіры ў сацсетках і ўгадваць, які малюнак атрымліваецца па іх слядах.

3 этап Фестиваля. Маршрут блогеров (зубр) (2).jpg

Што цікавага ёсць на мапе?

“Контур зубра складаецца з 15 пунктаў. Падабраць іх аказалася нескладана – недалёка ад Мінска сапраўды шмат вартых увагі месцаў, пра якія мала хто ведае.

Самае незвычайнае, што можна ўбачыць на маршруце, знаходзіцца ў Раўбічах. Гэта месца ўсе ведаюць толькі як спартыўны комплекс, а там ёсць філіял Нацыянальнага мастацкага музея, у якім захоўваецца ўнікальная драўляная чаша. Яе лічаць крутым артэфактам, апісваюць у еўрапейскх і амерыканскіх часопісах, а ў Беларусі яна мала вядома. Чаша – вялізны драўляны коўш XVI стагоддзя, выдзеўбаны з нараста на бярозе. На ёй адлюстравана 12 сцэн палявання. Вучоныя кажуць, што, хутчэй за ўсё, гэта знакі задыяка, а ў тыя часы такія сімвалы рэдка можна было сустрэць на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

рисунок зубра.jpg

Яшчэ адно асаблівае месца на маршруце – ветрагенератар у в. Янкаўцы Дзяржынскага раёна, вынайдзены ў СССР. Нашы вучоныя паглядзелі на замежны вопыт і вырашылі рабіць круцей, па сваёй тэхналогіі. У ветрака дзве лопасці ў выглядзе труб, унутр іх можна нават залезці. Ён у працоўным стане, мясцовыя жыхары кажуць, што ён часам круціцца, але як генератар энергіі яго ніхто не выкарыстоўвае.

Ракаў – сам па сабе цікавы горад. Калісьці каля яго праходзіла мяжа з Польшчай і ён быў сталіцай кантрабандыстаў і махляроў.

Можна паглядзець на перакулены ДАТ – абаронны пункт, які выкарыстоўвалі падчас Другой сусветнай. Ён не самы вялікі ў краіне (у іншых месцах захаваліся нават трохпавярховыя), але адзіны ў Беларусі, пад які можна залезці.

Маршрут-зубр можна зрабіць больш разнастайным – калі крыху адхіліцца ад яго, можна пабачыць, напрыклад, старое замчышча, з якога пачаўся Мінск. Многія чамусьці лічаць, што горад узнік на Нямізе, але на самой справе гарадзішча знаходзіцца на рэчцы Менцы ў 20 кіламетрах ад сучаснага Мінска. Там жылі першыя мінчукі, а калі яно згарэла, людзі перабраліся на Свіслач. А ад’ехаўшы на пяць кіламетраў ад контуру зубра, можна трапіць на ТЭЦ-5, там крутыя фантаны, з імі можна зрабіць прыгожыя фота”.

Для тых, хто ўжо быў у Міры і Нясвіжы

Гэта рэальны маршрут даўжынёй 368 кіламетраў. Калі вы хочаце дзянёк пакатацца і не ад’язджаць далёка ад Мінска, проста загружайце спасылку на мапу ў навігатар і націскайце “Старт”. Маршрут закальцаваны, праехаць яго можна за шэсць гадзін з улікам прыпынкаў.

Для тых, хто хоча наведаць і іншыя мясціны Беларусі, у АЗС А-100 склалі яшчэ чатыры маршруты для падарожжаў, на якія можна выдаткаваць усяго бак паліва.

Гэтыя маршруты спатрэбяцца ў першую чаргу тым, хто ці жыве ў Мінску, ці ездзіць сюды дастаткова часта. Так, Яўген кажа, што яго знаёмыя масквічы, якія прыязджаюць не ў першы раз, часам пытаюцца: “А куды вы самі ездзіце? Пакажыце што-небудзь цікавае. Палацы і стандартныя забавы ім ужо надакучылі, хочацца чаго-небудзь эксклюзіўнага, а пункты на нашай мапе якраз небанальныя. Часцей за ўсё замежнікам, якія прыязджаюць у Беларусь, хочацца паглядзець больш глабальныя славутасці – Белавежскую пушчу, Нясвіжскі і Мірскі замкі. Самі беларусы таксама часта ведаюць толькі пра гэтыя месцы. Але ў нас ёсць і іншыя цікавыя мясціны, часта недаацэненыя. Напрыклад, вялізныя валуны бронзавага веку з выдзеўбанымі лункамі. Ніхто не ведае, як іх выкарыстоўвалі: ці то як алтары, ці то як лункі, у якія сцякала кроў ахвяры, ці то як навігацыйныя мапы, каб арыентавацца днём па лунках, як па зорках. З бронзавага веку ў Беларусі засталіся фактычна толькі курганы і гэтыя камяні”. Яўген як уфолаг шмат ездзіць па краіне з даследчыцкімі экспедыцыямі і бачыць такія камні ў розных яе частках.

3 этап Фестиваля. Маршрут блогеров (зубр) (8).jpgПа словах Яўгена, часта людзі пачынаюць смяяцца, калі чуюць пра ўфалогію, але ён працуе з камандай вучоных, якая ездзіць па Беларусі, даследуе анамальныя з’явы, тлумачыць іх з пункту погляду навукі і вельмі часта абвяргае іх цудоўнасць.

Даследчык распавядае: “Напрыклад, калі мы бяром на аналіз поўсць “чупакабры”, выяўляецца, што ў трох выпадках гэта поўсць тхара, а ў двух – сабакі. Аднойчы нам патэлефанавала настаўніца з вёскі пад Брэстам і сказала, што на снезе знайшла вялізныя сляды ў выглядзе спіраляў. Аказалася, што іх начамі робяць мясцовыя школьнікі, якім нудна. За ноч сляды падмярзаюць і выглядаюць містычна”.

“Цікавых мясцін у Беларусі яшчэ шмат, – адзначае Яўген. – Я аб’ездзіў больш за 30 краін і магу сказаць, што мы недаацэньваем свае лясы. Для нас гэта нешта звычайнае, а ў Еўропе іх няма – усё павысякалі. У ЗША прыгожая прырода, але каб пабачыць яе, трэба ехаць у нацыянальны парк. Пра Бліжні Усход нават не кажу. Для замежнікаў проста пахадзіць па нашых лясах – гэта ўжо вельмі крута”.


Фота з вандроўкі па маршруце-зубру глядзіце ў групе А-100 Вконтакте.